Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне. |
Пад адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаваннем (АТУ) дзяржавы разумеюць сувязь арганізацыі дзяржаўнай улады з тэрытарыяльнай структурай краіны.
| Унітарная дзяржава. |
Форма АТУ, пры якой краіна дзеліцца на адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі з параўнальна абмежаванай самастойнасцю. Таксама існуе адзіная сістэма органаў дзяржаўнай улады, адзіная судовая і падатковая сістэма, адзіная канстытуцыя і заканадаўства і г.д.
Існуе 3 тыпы ўнітарных дзяржаў: 1) цэнтралізаваныя (простыя); 2) з аўтаноміямі; 3) дэцэнтралізаваныя.
У цэнтралізаваных (простых) унітарыях забяспечваецца вертыкаль суцэльнага падпарадкавання мясцовых органаў улады цэнтру. Такіх краін у свеце - большасць. Прыклады - Беларусь, Польшча, Латвія, Казахстан, Японія.
У складзе ўнітарый з аўтаноміямі ёсць асобыя тэрытарыяльныя ўтварэнні з правам самакіравання. Органы ўлады аўтаноміі могуць самастойна вырашаць свае ўнутраныя праблемы у межах аб'ёму паўнамоцтваў, які прадугледжаны заканадаўствам краіны. Прыклады - Украіна (з Крымам), Данія (з Грэнландыяй і Фарэрскімі выспамі), Фінляндыя (з Аландскімі выспамі), Кітай (з 5 аўтаномнымі раёнамі), Францыя (з Корсікай).
Дэцэнтралізаваныя (рэгіяналісцкія) унітарыі займаюць прамежкавае становішча паміж унітарнымі дзяржавамі і федэрацыямі. Адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі дадзенага тыпу ўнітарый валодаюць шырокай кампетэнцыяй у галіне мясцовых спраў. Такіх унітарый няшмат. Прыклады - Іспанія, Італія, Танзанія, Папуа-Новая Гвінея.
| Федэрацыя. |
Форма АТУ, пры якой краіна складаецца з шэрагу адміністрацыйна-дзяржаўных утварэнняў (суб'ектаў), якія валодаюць канстытуцыйна замацаванай самастойнасцю ў межах уласнай кампетэнцыі. Суб'екты маюць уласныя сістэмы органаў дзяржаўнай улады і г.д. Зараз у свеце існуе 25 федэрацый (сярод 192 незалежных дзяржаў).
Існуе 2 тыпы федэрацый, якія адрозніваюцца па ўласнай структуры: 1) сіметрычныя і 2) асіметрычныя.
У сіметрычных федэрацыях усе суб'екты (землі, штаты, эміраты) маюць аднолькавы палітыка-прававы статус. Такіх краін у свеце вельмі мала. Прыклады - Аўстрыя, Германія, ФШМ, ААЭ.
Большасць сучасных федэрацый - асіметрычныя, яны ўключаюць рознапарадкавыя суб'екты з розным аб'емам кампетэнцыі мясцовых органаў улады (прыклад: рэспублікі, краі, вобласці і інш. суб'екты ў Расіі), а таксама адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі, што не з'яўляюцца суб'ектамі федэрацыі (прыклад: акруга Калумбія ў ЗША, сталічныя акругі ў іншых федэрацыях і г.д.). Прыклады - ЗША, Расія, Бразілія, Швейцарыя, Індыя і інш.
| Канфедэрацыя. |
Форма АТУ , пры якой дзяржавы-суб'екты, захоўваючы ўласную незалежнасць і сувернітэт, утвараюць саюз у мэтах каардынацыі і сумеснага ажыццяўлення сваёй дзейнасці па пэўных пытаннях. Зараз у свеце канфедэрацый не існуе. Швейцарыя, якая афіцыйна завецца канфедэрацыяй, з 1848 г. з'яўляецца федэрацыяй, а захаванне старога наймення - усяго толькі даніна традыцыям. Апошняя па часу існавання канфедэрацыя - Сенегамбіі, створаная Сенегалам і Гамбіяй, распалася ў 1988 г.
|
Дзяржаўны лад [форма кіравання]. |
Пад дзяржаўным ладам (формай кіравання) краіны разумеюць усталяваную заканадаўствам мадэль арганізацыі ўзаемаадносін кіраўніка дзяржавы, вышэйшых органаў заканадаўчай і выканаўчай улады.
| Рэспубліка. |
Форма кіравання, пры якой усе вышэйшыя органы дзяржаўнай улады выбіраюцца народам альбо яго прадстаўнікамі.
Існуе 3 тыпы рэспублік: 1) прэзідэнтскія; 2) парламентскія; 3) змешаныя.
Прэзідэнтская рэспубліка - найбольш распаўсюджаны тып рэспублікі ў нашы дні. Прэзідэнт у такіх рэспубліках выбіраецца непасрэдна народам, урад фармуецца прэзідэнтам, выканаўчая ўлада падкантрольная толькі прэзідэнту, якому належыць і рашаючая роля ў кіраванні дзяржавай. Прыклады - ЗША, Беларусь, Расія, Казахстан, большасць рэспублік у Афрыцы, Латынскай Амерыцы і СНД.
У парламентскай рэспубліцы вядучая роля ў ажыццяўленні дзяржаўнай улады і фармаванні яе органаў належыць парламенту. Прэзідэнт часцей за ўсё абіраецца непасрэдна парламентам, кола яго паўнамоцтваў вельмі абмежаванае і ён ажыццяўляе ў асноўным прадстаўнічыя функцыі. Урад фармуецца парламентам і нясе асноўны цяжар выканаўчай улады. Прыклады - Італія, Германія, Аўстрыя, Турцыя, Чэхія, Індыя, Турцыя, Малдова, Эстонія і інш.
Змешаныя рэспублікі ўтрымоўваюць прыкметы папярэдніх тыпаў рэспублік у розных прапорцыях. Прэзідэнт часцей за ўсё абіраецца народам, кола яго паўнамоцтваў даволі шырокая, але ўрад нясе адказнасць непасрэдна перад парламентам. Прыклады - Францыя, Польшча, Славенія, Харватыя, Шры-Ланка.
| Манархія. |
Форма кіравання, пры якой вышэйшая дзяржаўная ўлада цалкам альбо часткова належыць (рэальна альбо фармальна) адзінаасобнаму кіраўніку краіны - манарху, які звычайна атрымоўвае дадзеную ўладу ў спадчыну і пажыццёва. Зараз у свеце існуе 30 манархій.
Існуе 3 тыпы манархій: 1) канстытуцыйная (парламентская); 2) абсалютная і адна з яе формаў - 3) тэакратычная.
У канстытуцыйных (парламентскіх) манархіях улада манарха суцэльна абмежаваная канстытуцыяй і выбарным парламентам. Манарх часцей за ўсё ажыццяўляе толькі прадстаўнічыя функцыі, а рэальная ўлада належыць ураду, які фармуецца парламентам і нясе адказнасць толькі перад ім. Зараз большасць манархій - канстытуцыйныя. Прыклады - Вялікабрытанія, Нідэрланды, Нарвегія, Малайзія, Японія, Тонга.
Абсалютных манархій у нашы дні мала, у іх практычна ўся ўлада сканцэнтравана ў руках манарха, які карыстаецца ёю без усялякіх абмежаванняў. Прыклады - Ватыкан, Аман, Брунэй, Катар, Савудаўская Аравія, ААЭ. Адзін з відаў абсалютных манархій - тэакратычная манархія, у якой манарх з'яўляецца адначасова як свецкім кіраўніком, гэтак жа і вышэйшай духоўнай асобай. Практычна ўсе сучасныя абсалютныя манархіі, за выключыннем мабыць толькі ААЭ, з'яўляюцца таксама і тэакратычнымі манархіямі.
| Дзяржава ў складзе Брытанскай Садружнасці нацый. |
Юрыдычна Брытанская Садружнасць нацый была арганізавана яшчэ ў 1931 г. Тады ў яе ўвайшлі Вялікабрытанія і яе дамініёны - Канада, Аўстралія, Паўднёва-Афрыканскі Саюз, Ньюфаўндлэнд і Ірландыя. Пасля Другой сусветнай вайны ў складзе Садружнасці засталася большасць былых валлданняў Вялікабрытаніі. Гэта - каля 50 краін з агульнай тэрыторыяй больш 30 млн. кв. км. і насельніцтвам звыш 1,2 млрд. чалавек, размешчаных ва ўсіх частках свету. Садружнасць нацый - складаны кангламерат разнародных краін. Садружнасць не мае аніякай канстытуцыі, ніякіх устаноўчых пагадненняў, афіцыйных атрыбутаў. Усе дзяржавы валодаюць поўным сувернітэтам ва ўнутраных і знешніх справах. Свае агульныя праблемы краіны вырашаюць на канферэнцыях. Рашэнні канферэнцый несапраўдныя для краіны, калі яе прадстаўнікі прагаласавалі "супраць". Краіны Садружнасці могуць быць рэспублікамі (Індыя, Гана, Замбія і інш.), манархіямі (Вялікабрытанія, Малайзія, Брунэй, Свазілэнд і інш.).
Па канстытуцыях 16 краін юрыдычна з'яўляюцца манархіямі, іх фармальна ўзначальвае каралева Вялікабрытаніі, якую прадстаўляе ў дадзеных краінах прызначаемы ёю генерал-губернатар. Дадзеныя краіны называюць дзяржавамі ў складзе Садружнасці (11 краін у Амерыцы - Канада, Беліз, Ямайка, Барбадас, Багамы і 6 краін, размешчаных на Малых Антыльскіх выспах; 5 краін у Акіяніі - Аўстралія, Новая Зеландыя, Папуа-Новая Гвінея, Саламонавы выспы і Тувалу). Дзяржавы ў складзе Садружнасці арыентуюцца на палітыку, прававую сістэму, традыцыі Вялікабрытаніі.
|
|
|
|
|
|