Пытанне занальнасці хвалюе географаў ужо даўно. Яшчэ Герадот у V стагоддзі да н.э. вылучыў у межах заселенай зямлі тры паясы: сыры і халодны паўночны, найбольш спрыяльны для жыцця людзей сярэдні, сухі і пустэльны паўднёвы. Потым працу ў гэтым напрамку працягнуў Арыстоцель. Ён вызначыў 5 паясоў: 2 палярныя і экватарыяльны, якія лічыў незаселенымі, 2 умераныя паясы, населеныя людзьмі.
Межамі паясоў ён лічыў тропікі і палярныя кругі. Буйны ўклад ў развіццё ідэй занальнасці ўнеслі бацька геаграфіі Эратасфен, Яўдокс, Палібій і Гіпарх. Апошні распрацаваў паняцце кліматычных паясоў, блізкае да сучаснага, якое захоўвалася ў геаграфічнай літаратуры да канца XVII ст. Найболей жа далёка ў вывучэнні пытанняў занальнасці сярод антычных навукоўцаў прасунуўся Пасідоній, які вылучыў 13 паясоў (што адпавядае сучаснаму дзяленню), а ў якасці крытэрыя браў не толькі асветленасць, але і прыродныя, этнаграфічныя і некаторыя іншыя асаблівасці.
|